«ПАЛЬЯ́НСКАЯ ЭНЦЫКЛАПЕ́ДЫЯ НАВУ́К, ЛІТАРАТУ́РЫ І МАСТА́ЦТВА»,
«Італьяна» («Enciclopedia italiana di scienze, lettere ed arti»), універсальнае энцыклапедычнае выданне на італьян. мове. Выдадзена ў Рыме ў 1929—39 у 36 т. (апошні том — паказальнік); дадатак у 3 т. (5 кнігах) выдадзены ў 1948—61. На змест першых 37 тамоў паўплывала тагачасная ідэалогія Мусаліні. У 2-м і 3-м тамах дадатку пераасэнсаваны асобныя тагачасныя падзеі грамадска-паліт., культ. і навук. жыцця. Змест большасці артыкулаў мае гуманітарны характар, звесткі па прыродазнаўчых навуках і тэхніцы змешчаны пераважна ў дадатку. Артыкулы выдання вызначаюцца вял. аб’ёмам, навуковасцю, наяўнасцю бібліяграфіі. Тэрміны, выкарыстаныя ў тэксце, пададзены з англ., ісп., ням. і франц. эквівалентамі. Выданне багата ілюстравана, маст. рэпрадукцыі, партрэты, геагр. карты і фотаздымкі краявідаў вызначаюцца высокай якасцю. На базе гэтай энцыклапедыі выдадзены меншыя па аб’ёме «Слоўнік энцыклапедычны італьянскі» (1955—63), «Энцыклапедыя Еўропы» (1976—81); перавыдаецца ням. выд-вамі (Бракгаўз, Маер і Гердэр).
В.К.Шчэрбін.
т. 7, с. 364
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)